Кожны дзень я езджу на працу па вуліцы якая носіць яго імя.
Мікалай Карлавіч Раманоўскі, які з першага апавядання падпісваўся псеўданімам Кузьма Чорны, і бацька ведалі адзін аднаго многія гады, але іх блізкае сяброўства пачалося з першых дзён вайны і сумеснай працы ў "Савецкай Беларусі" ды партызанскіх сатырычных выданнях.
Увосень 42-га Мікалай Карлавіч перанёс цяжкі інсульт: яго паралізавала, ён амаль, страціў зрок і памяць, яму адняло мову. Два месяцы ён знаходзіўся на мяжы смерці, але не страціў мужнасці і сілы волі і паціху-пачаў вяртацца да жыцця й творчасці. У лістах да бацькі Мікалай Карлавіч пісаў- як яму нанова адкрываюцца жыццё і людзі:
"Дарагі братка!
Дачуўся, што ты захварэў на старую сваю хваробу раматус і ляжыш у бальніцы. I так мне нядобра на душы стала. .. Мне здаецца, што я ўжо не бачыўся з табою вечнасць. Няхай гэтыя хваробы пойдуць агнём і дымам на мокрае, як той казаў, балота. Праўся, братка мой, каб скора ты быў здаровенек. Што да мяне, то пакрысе праўлюся... Хаджу ужо лепш і больш, як у Маскве. Зрок палепшаў значна, але трэба яшчэ чакаць: няхай ідзе час. Я заўсёды казаў і нават пісаў, ,бо сам гэта многа разоў перажыў быў, што час найлепшы доктар для чалавечай душы. I не толькі душы. Цяпер правяраю гзта яшчэ раз на сабе і людзях..."
Гэты пяшчотны і мужны чалавек валодаў цудоўным дарам заспакоіць, суцешыць і падбадзёрыць блізкіх...
Яны сустрэліся ўжо ў рэдакцыі новага часопіса "Беларусь", у вольны час наведвалі свой любімы Ізмайлаўскі парк.
Мікалай Карлавіч вярнуўся на радзіму ў канцы верасня 1944 года, а мы — следам за ім. Пазнаёміўся я з дзядзькам Кузьмой ужо ў Мінску. Паволі ступаючы, абапіраючыся на кіёк, ён прыходзіў да нас на вуліцу Берсана. У нашым пакойчыку ўсім размясціцца было немагчыма, і мы з сястрычкай выходзілі на вуліцу. Тратуар на рагу Савецкай і Берсана, насупраць Чырвонага касцёла, дзе знаходзіўся вялізны круглы піўны кіёск, быў нашай дзіцячай пляцоўкай.
Аднойчы мы спаткалі Мікалая Карлавіча каля гэтага кіёска, ён нам набыў пачак нашых любімых вафляў. Бацька часта наведваў сям'ю Раманоўскіх, нярэдка прагульваўся разам з Кузьмой Чорным паблізу яго дома. Праз бацьку нам заўсёды перадавалі гасцінцы ад Мікалая Карлавіча і цёткі Рэні. Мы звалі яго "дзядзькам Кузьмой", ён не пярэчыў.
Апошні месяц свайго жыцця Мікалай Карлавіч амаль не хадзіў, нарастала агульная слабасць, балела сэрца, але, як ён згадваў у "Дзённіку", "многа і, здаецца, добра пісаў". Каля яго ўвесь час знаходзіліся жонка і дачка, часта наведваў і мой бацька. Яны былі з Мікалаем Карлавічам і 22 лістапада — у дзень ягонай смерці.
На другі дзень бацька ўзяў мяне з сабою, каб я развітаўся з дзядзькам Кузьмой, а 24 лістапада маці з бацькам пайшлі на грамадзянскуга паніхіду ў БДЦТ - Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. Пахавалі Мікалая Карлавіча на Вайсковых могілках.
А неўзабаве быў надрукаваны апошні артыкул Кузьмы Чорнага, прысвечаны першаму бацькаваму зборніку "Гартаванне"...
Я не магу ўявіць сабе беларускую літаратуру без Кузьмы Чорнага, як рускую - без Талстога і Тургенева. Мне, можа, як дылетанту здаецца, што поўнае запатрабаванне творчасці гэтага вялікага пісьменніка яшчэ наперадзе.