Незразумелы наш трывожны век,
Круты, неўраўнаважаны, кароткі,
Што ледзьве паспявае чалавек
Агледзецца, дзе страты, дзе знаходкі.
Мільгаюць ночы, дзень за днём ляціць,
Знікае век у бездані сусвету.
Няўжо камусьці ўдасца скараціць
Дваццаты век i даканаць планету?
Не, сіл яшчэ i розуму стае,
I чалавецтва з кожным днём сталее,
Каб юныя сучаснікі мае
Сустрэліся з каметаю Галея.
Каб далячынь нязведаных дарог
Адкрылася i прывяла дадому,
Каб чалавека чалавек бярог
I век не скарачаў адзін другому.