Паэты паміраюць на хаду
I падаюць, як каласы на пожні,
А я не здамся, я не упаду,
Пакуль не дапішу радок апошні.
Відаць, пісаў я не заўсёды так,
Каб ажылі мае у сэрцах песні,
Відаць, дарэмна думаў, што — мастак,
Што творца, a выходзіць, быў рамеснік.
Збяру ўсе сілы, боль i жар душы
I над самім сабою узнімуся,
Каб сэрца загадала: «Запішы
Адзін радок, патрэбны Беларусі».