Дзве родныя мовы, як два ручаі,
Зліліся i сталі крыніцай жывою.
Мне курскія ў Глуску пяюць салаўі,
I кружацца нашы буслы над Нявою.
Я з першага класа усё разумеў:
«Плакала Саша, как лес вырубали...»
Пад гукі цымбалаў ад шчасця нямеў,
Калі за ракой датлявала купалле.
Купала i Колас адкрылі мне зрок,
Душу зачароўвалі матчыны песні,
A пушкінскі вечна крылаты «Прарок»
I ў познюю восень прыносіць прадвесне.
Я ў ленінскім слове знаходжу заўжды
Падтрымку, адказ i параду,
I мне, як i ў даўнія тыя гады,
Не трэба зусім перакладу.
Заўсёды адданы праўдзіваму слову,
Я сэрцам знаёмыя гукі лаўлю,—
Люблю неўміручую рускую мову
I роднае слова, як маці, люблю.