Балючая памяць Паэма

Пара сапраўднай праўды

Я, нізавошта пакараны,

Даўно прымушаны маўчаць,

Залізваю дагэтуль раны,

Што ўсё яшчэ кроватачаць.

Прыйшла пара сапраўднай праўды,

Якой з маленства даражу.

Язык мой, столькі год маўчаў ты.

Цябе я ўрэшце развяжу.

Я пасталеў занадта рана,

Быў актывіст i гаварун,

Агітаваў i быў адданы

Любому лозунгу з трыбун.

Насіў юнгштурмаўку i боты,

Лічыў сябе мудрэй за ўсіх,

Ды шальмавалі абармоты

Мяне i родзічаў маіх.

Я за пракосам гнаў пракосы,

Цягаў лясіны па спіне,

А нехта ўжо страчыў даносы

I весела ўсміхаўся мне.

Відаць, я замінаў нямала

Сваёю вераю святой,

Ды ўдарыў гром: пара настала

Мяне прыціснуць пад пятой.

Усё здавалася трызнёю,

Кашмарным i часовым сном,

Неспадзяванай валтузнёю,

I ўсё ж хлусні зрявіўся том.

Круціўся дзень i ноч канвеер,

Хоць i не верыў зрок i слых,

Што нізашто вышэйшай мерай

Караў бяздумна свой сваіх.

Адбедаваў i больш не плачу

Hi па сабе, ні па сябрах.

Мне лёс наканаваў удачу,

Сябры ж развеяліся ў прах.

А я дасюль у снежным шале

Ўсё бачу змучаных калек,

Што маладымі паміралі

На гразкіх сцежках лесасек,

Што на пагрузцы падстаўлялі

Пад шпальнік сцёртыя маслы,

Што курчыліся на павале

Пад свіст лучковае пілы.

Мае сябры, я вас пайменна

Збярог у памяці сваёй.

Я — сведка ваш, я — ваша змена,

Мы доляй скутыя адной.

Не знойдзе самы клапатлівы,

Дзе ваш прапаў апошні след,

Хоць толькі знікнеце тады вы,

Як я пакіну гэты свет.

Лірычных адступленняў годзе.

Пакуль відзён былога цень,

Я з клятага дзесяцігоддзя

Хачу адзін прыпомніць дзень.

Быў i тры тысячы шэсцьсоты,

За ім найшоў паўторны круг...

А я прыпомніў, як з работы

На вахту не вярнуўся друг.

Яго няма. Па ім бядую,—

У сэрцы ён i у вачах,

Хоць сорак тры зімы зімую

Я без таго «уцекача».

Загрузка...