У гэтых вузкіх калідорах
Каторы год i нездарма
Сумуюць сцены па акцёрах,
Якіх ужо даўно няма.
Усе яны глядзяць з партрэтаў
З усмешкамі ў жывых вачах,
Нібы з грымёрных i буфетаў,
Яны з нябыту па начах
Пустою залаю на сцэну
Паміж запыленых куліс
Ідуць адны другім на змену,
Нібы па выкліку на біс.
Пярэчыць Ржэцкая Галіне,
Ім Глебаў падае руку.
Адна ў шырокім крыналіне,
Другая — у андараку.
I Уладамірскі безупынку
Смяецца, плача i пяе,
Пa волі Чорнага на рынку
Зноў камізэльку прадае.
Пяюць дзяўчаты «На купалле»,
Вядзе «Паўлінка» карагод.
Начамі для пустое залы
Ідуць спектаклі круглы год.
I сэрца юнага акцёра
Дрыжыць страдой на цеціве,
Бо ў гэтых сценах, як i ўчора,
Душа Крыловіча жыве.
Купалаўцы! Жывы Купала
Да вас ідзе з крутых дарог,
I ружа ўдзячнасці упала
Паэту да стамлёных ног.
Даўно акцёры i актрысы —
Краса бацькоўскае зямлі,
Без воплескаў не за кулісы,
A ціха ў вечнасць адышлі.
Ізноў ідзе на змену змена,
Не моўкне воплескаў раскат.
Нябачныя вядуць на сцэну
Купалаўцы купалянят.