Не распускайся нават перад смерцю —
На безнадзейнай i крутой мяжы.
Няхай ад злосці зарагочуць чэрці,
А ты найлепшы гальштук завяжы,
Зрабі прычоску, як у маладосці,
Адзень адпрасаваны гарнітур,
Збяры сяброў на развітанне ў госці
I не кажы, што блізка да хаўтур.
Не ўспамінай ніколі аб хваробе,—
Ніхто не дапаможа ўсё адно,
I знікні, як марак у чыстай робе
Знікае разам з караблём на дно.