А хто з нас не ашукваў сам сябе?
Хто слепа не ішоў на дапамогу
Таму, што толькі ўсё сабе грабе
I гучна паднявае дэмагогу?
Хто з нас абы-чаго не плёў,
У што i сам не вельмі верыў?
Хто з нас не падстаўляў нулёў
У зводках дзеля ўласнае кар'еры?
Хлусілі часта аднаму адзін,—
Дакладвалі, рапартавалі:
Ад рання да дванаццаці гадзін
Спакою людзям не давалі.
A паглядзіш праграму «Час»:
На ферме, фабрыцы, заводзе
Грыміць авацыя ў рабочы час,
Нібыта ўсе мы на агульным сходзе.
Яшчэ там-сям ліпяць «кіраўнікі»,—
Упартыя чыноўныя служакі,
I тузаюць па звычцы ў дзве рукі,
A кіраваць ужо няма кім.
Круцілася, як тая карусель,
На месцы тэхніка слабая,
I боўтаўся ружовенькі кісель,
Што i дасюль ніяк не расхлябаем.
Не, расхлябаем лайдакам назло,
I ўсё паправіць наша пакаленне,
Бо кожнай рэвалюцыі залог —
Адвага, Праца, Праўда i Сумленне.
Адзіны шлях выразна нам відзён,
I ўжо не перашкодзіць больш нішто нам,
I верыцца, што будзе наш закон
Для кожнага i ўсіх адным законам.