Над Кержанцам


Над кручай Кержанца з табою

У роснай i густой траве

Адчулі раптам мы абое,

Што нехта трэці ў нас жыве.

Ён клікаў i прывёў на кручу,

Смугою вусны апаліў,

I шчасце абяцаў, i мучыў,

I даць яму жыццё маліў.

Шумелі травы над ракою,

Маргалі свечкамі скіты,

А нам ён не даваў спакою,

Яшчэ не знаны i святы.

Гарэлі вусны, як суніцы,

A слоў патрэбных не было...

З тае пары дагэтуль сніцца

Тваё пяшчотнае цяпло.

Даўно з табою мы не тыя:

Згінаў нас i выпростваў час.

Мы толькі грэшнікі святыя,

I ўсе падобныя на нас.

Загрузка...