Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
Я за табою сотні кіламетраў
Прайду, не азірнуўшыся назад.
Не ведаю i сам, якая сіла
Мяне вяла i зноў услед вядзе,
Хоць нада мной завея галасіла
I не было ратунку анідзе.
А ты была, як на пачатку мая,
Такою, як сустрэлася спярша,
I верылася,— зноўку акрыяе
Мая даўно настылая душа.
Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
А ты мільгнула, як далёкі ветразь,
I знікла за туманны далягляд.