Упэўненасць

На собраньи целый день сидела:

То голосовала, то лгала.

Как я от тоски не поседела?

Как я от стыда не умерла?

Вольга Бергольц

Мы ўсе галасавалі, як адзін,

За дэлегатаў i за пастановы

I слухалі амаль па пяць гадзін

Стары даклад, хоць быў дакладчык новы.

I пляскалі, калі спыняўся ён,

Грымела зала, як у навальніцу,

Каб толькі разагнаць маркотны сон

Ад нуднае тае перадавіцы.

Нас клікалі наперад i вышэй

На рубяжах змагацца i маячыць,

Хоць словы даляталі да вушэй,

А сэрцы не змаглі пераіначыць.

Цярпліва слухалі бясконцую нуду,

Бо быў дакладчык у высокім чыне,

А справы на вялікую бяду

У слоўным патаналі шумавінні.

Чаго, чаго нам толькі ні плялі,

Куды нас ні вялі i як ні павучалі,

А маладых ад роднае зямлі,

Нібы знарок, упарта адвучалі.

Раслі на чарназёме гарады,

Дзе некалі аж гнулася калоссе,

Парэпаўся асфальт. Hi вішні, ні грады

На той зямлі даўно не засталося.

Былі «паказчыкі», «здабыткі» i «запал»

Адзін другога весела хвалілі

За «перавыкананне» i за «вал»,

Хоць «вал» той у адвал пасля валілі.

Але збіралі шчодрыя дары

Амаль на ўсіх узроўнях зухі —

Вышэйшай катэгорыі майстры

Нябачанай у свеце паказухі.

Жылі. Уволю елі i пілі,

Хоць самі не касілі, не аралі,

A з самае маленькае зямлі

За ураджаем ураджай збіралі.

Пісалі «творы» ім сакратары

I том за томам выдавалі,

Хоць ix усе да гэтае пары

Макулатуршчыкам здаюць, як i здавалі

I вось нарэшце надышла пара

Вялікай i бяскроўнай рэвалюцыі,

I тыя, што гарланілі «ура!»,

Зрабіліся i ціхія i куцыя.

Цяпер не ім, a пляскаюць яны

I сцерагуцца новага, як грому,

Каб толькі зберагчы свае чыны

I перабудавацца па-старому.

Каб мы руціну скінулі раней

I на сумленні ставілі апоры,

Адзін другому сталі б мы радней,

Не зведаўшы чарнобыльскага гора.

Яшчэ i дэмагогі, i рвачы

Жыццё плануюць па даўнейшай мерцы,

А каб нягоды ўсе перамагчы,

Па Леніну звяраем нашы сэрцы.

Надзейнай будзем змену гадаваць,

I кожнага гаспадаром выхоўваць,

I так свой дом агульны будаваць,

Каб больш ніколі не перабудоўваць.

Мы ўпэўненыя ў нашай праваце,

Ніколі нас ніхто назад не верне,

I буйным ураджаем прарасце

Адвагаю пасеянае зерне.

Шчаслівы, што дажыў да гэтых дзён,

Што ў заўтрае з надзеяю глядзеў я,

I хоць выразна мой рубеж відзён,

Ад спадзяванняў сэрца маладзее.

Загрузка...