Знікае возера ў тумане,
I толькі лебядзіны крык
У сэрцы будзіць хваляванне,
Хоць хвалявацца я адвык.
Адхваляваўся, адбалела
Зачараваная душа,
Хоць з перабоямі, нясмела,
А сэрца б'ецца, як спярша
У незабытай роднай хаце
Пры развітанні назаўжды,
Калі я толькі траціў, траціў
Даўно знаёмыя сляды
Маіх сяброў i самых блізкіх,
Што пазавейвала зіма.
Няма над імі абеліскаў,
I нават могілкаў няма.
Відаць, апошні i адзіны
Я завяршаю свой віток,
I будзе песняй лебядзінай
Мой недапісаны радок..