Не зводжу з тымі я рахункі,
Хто быў у бедах вінават,
Хто плёў даносы, як карункі
З жалезных i сталёвых крат.
За шкуру ўласную дрыжалі
Яны, як прусакі ў пазах,
Сабе набыткі памнажалі
I на крыві, i на слязах
Былых сяброў i камандзіраў,
Нa горы сірат i удоў.
I замінаў камусьці Кіраў
На стыку кручаных гадоў.
Даносчыкі, прадаўшы душы
I праслізнуўшы праз вайну,
Пра пільнасць зноў гудуць у вушы,
A ім бы пра сваю віну
Усё расказаць i, на калені
На плошчы стаўшы, галасіць,
Каб перад скопам прабачэння
У жывых i ў мёртвых папрасіць.