— Скажыце, вы не ветеран вайны?
— Я — ветэран пакутаў без віны,
I стаж мой — два дзесяцігоддзі,
Пакуль нарэшце не сказалі: «Годзе.
Ты зарабіў ударнай працаю
На волю «дэмабілізацыю».
Хоць i прапах салёным потам
I дымам за калючым дротам,
Не ный i паслухмяны будзь,
А што было, пра ўсё забудзь,
Дзе быў, не гавары ні слова,
Бо трапіш зноў сюды нанова».
I мне адразу мову заняло.
Няўжо забудзеш тое, што было?
Пазлазілі з далоняў мазалі,
А на чале разоры праляглі,
Загоіліся раны на плячах,
Але душа галосіць па начах,
Баліць душа, калі бяссільных б'юць
I ні стагнаць, ні плакаць не даюць.
Даўно рубец на целе не баліць,
А вось душу ніяк не загаіць.
Было б збавеннем не прыйсці з вайны,
Чым зведаць столькі гора без віны,
Ды i цяпер смыліць у горле ком,
Як хто плявузгае атрутным языком.