Забаронца


Чыноўнік спакойна давесці умее,

Што белае чорным уявіш i ты.

«Народ,— ён тлумачыць,— не зразумее

Занадта дачаснай тваёй праматы.

Народу патрэбны інакшыя песні,

Згадзіся, а ix у цябе i няма.

Пішы, каб вясною здалося прадвесне,

А восенню — лютая наша зіма.

Пішы для народа патрэбную праўду,

А ты калупаешся ў дробнай брыдзе,

Таму нават звання дасюль не прыдбаў ты,

Таму не вядомы нікому нідзе.

Я ведаю цвёрда, што трэба народу,

На варце яго інтарэсаў стаю,

Каб укараціць крытыканаў пароду

I ўзяць на цыгундар адвагу тваю».

Даслухаў яго — i як токам затрэсла:

«Народны заступнік» абедзве рукі

Да хрусту ўвагнаў у высокае крэсла,

Каб толькі не страціць рублі i пайкі.

Не, не абаронца ты, а забаронца.

Цябе нарадзілі за праўду раней,

Гатовага Месяц закрэсліць i Сонца,

Бо лічыш сябе за усіх разумней.

Сумленне i праўду табе не закрэсліць.

Магчыма, пакруцішся трохі яшчэ

I вылеціш коркам з утульнага крэсла,

Як знізу i зверху табе прыпячэ.

Загрузка...