Ад сцюжы сэрца халадзела
I прамярзала навылёт,
Шурпацела, як тарка, цела,
Не раставаў на вейках лёд.
Не сунімалася завея,
Збівала i валіла з ног,
Здавалася, душа сівее,
А праведных карае бог
За паслушэнства i бязволле,
За непавагу да сябе,
За абыякавасць да болю,
Да гругана, што лоб дзяўбе.
А сцюжы? Сцюжы лютавалі,
Сляпілі вочы ледзяшы,
I часам рэбры прыстывалі
Да пасівелае душы.
Я так настыў у маладосці,
Я навучыўся так цярпець,
Што толькі спадзяюся косці
У крэматорыі сагрэць.