Недалюбіў, недакахаў, недаспрачаўся,
Не ўсе спаліў збуцвелыя лаўжы
I вось з аднапляменнікаў астаўся
Адзін на небяспечным рубяжы.
Прыспешваюць гады. Не азірнуцца
На свой бясконцы i цярністы шлях.
Гукаю тых, што ўжо не азавуцца,
Агонь шукаю, што даўно ачах.
Здаецца часам,— i мяне гукае
Знаёмы голас з-за тае мяжы,
Але ніхто нідзе не сустракае,
За міражом знікаюць міражы.
Здаецца часам,— кружыць чорны воран
I над маёй ссівелай галавой,
А сонца разгараецца, як горан,
Душа душы адказвае жывой:
Жыві, пакуль глядзяць удалеч вочы,
Душой нідзе ніколі не крыві,
Не бойся, дык i вораг не сурочыць,
I за сябе, i за другіх жыві.