У завею


А мы былі з табою, як адна

Ў пакутах непадзельная істота,

Шапталіся таемна давідна,

I казкаю здавалася пяшчота.

Нас развялі нягоды i гады,

I кожны паасобку цягне лямку.

Цябе я ўрэшце адшукаў, а ты

Перада мною зачыніла брамку.

На дахі навагодні снег ляціць,

Гайдаецца i кружыцца паволі,

А прорву i яму не загаціць

I не вярнуць мінулае ніколі.

За ноч завея замяла сляды,

Каб сцежку болей не шукаць сюды.

Загрузка...