Гавораць: праўда вочы коле
Таму, хто не казаў ніколі
Суровай праўды проста ў вочы
I гаварыць ніяк не хоча.
Хлусню ён можа апраўдаць,
Сказаць,— нібы яму відаць
Такое, што ніхто не бачыць,
А сам ён вельмі многа значыць,
Бо знае, што забараняць,
Кагo, i як, i дзе суняць,
Каб толькі спакайней жылося,
Каб добра елася, пілося.
Не лаюць тых, хто не дазволіў,
Хадайніцтва не задаволіў,
А хто адважна даў дазвол,
Той можа страціць важны стол.
Таму да пэўнае пары,
Што думаеш, не гавары.
Чыноўнік зразумеў i ў школе,
Што праўда толькі вочы коле,
Таму ён так стаіць за коснасць
I безгалосую галоснасць,
Але даўно прыйшла пара
Для Праўды у імя дабра.