Развітанне з Нараччу


Ноччу Нарач, як зорнае неба:

Выплыў месяц, i вецер заціх,

I прыпала такая патрэба

Да світання пабыць удваіх.

Чайкі спяць у зламаным чароце,

Зорку ловіць галодны шчупак.

Я на Нарач гляджу на самоце,

А расстацца няможна ніяк

З гэтым зорным блакітным прасторам,

З гэтым водарам роснай травы,

Дзе згасаюць світальныя зоры

I мільгае агеньчык жывы.

Нарач, мы расстаёмся з табою

Каля чорных рыбацкіх чаўноў

I, магчыма, пад рокат прыбою

Неўзабаве сустрэнемся зноў.

Загрузка...