Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы,
Нашы юныя сяброўкі
З Ляхаўкі i з Камароўкі,
У таргсінках
I ў берэтках,
У кароценькіх жакетках
I ў спаднічках да кален?
Вы жылі без важных змен,
Без высокае пасады;
Палівалі палісады,
Раніцай палілі ў печы,
Вечарамі на сустрэчы
Вы ішлі ў адзіны сквер,
Дзе нудзіўся кавалер.
Шчабятухі, тараторкі
Беглі да «Чырвонай зоркі»
I лічылі за удачу,
Што глядзелі «Кукарачу».
Вы анёльскімі вачыма,
Без падводак i акрас,
Што ўтрымацца немагчыма,
Пазіралі i на нас.
Мы хадзілі ўслед за вамі
На Пярэспу, а ж да брамы,
I баяліся прызнацца,
Што хацелі б зноў спаткацца.
Нас лічылі дзівакамі,
Бо ні словам, ні рукамі
Не прызналіся ў той час,
Што усё ж кахалі вас.
Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы
З той далёкае вясны?
Дзе вы, дзе вы,
Нашы Евы
У карунках сівізны?
Не пазнаю вас ніколі,
Не пазнаеце мяне,
Дык няхай ліхая доля
Назаўсёды нас міне...
Шпацыруюць па праспекце
Прыгажэйшыя на свеце,
Моцна ўзяўшыся за рукі,
Нашы ўнучкі, нашы ўнукі,
Хоць i з лішкамі акрас,
I ўсё ж падобныя на вас.