Становіцца часамі млосна,
Калі прымаюцца аднагалосна
Шматслоўныя i нават куцыя
Рашэнні або рэзалюцыі.
Няўжо ў паўтысячы галоў
Не знойдзецца сумленных слоў,
Каб выказаць дакладна думкі,
А не цягнуць, як пасак, гумкі
Або збуцвелыя вяроўкі,
Банальныя фармуліроўкі.
Мы ж па інерцыі пасуем
I механічна галасуем
Аднагалосна ўсе за аднаго,
Не ведаючы нават за каго,
А то за цэлую абойму...
А думаць хочацца па-свойму.