Высякаюць лясы,
I няшчадна вытоптваюць боты
За дзялянкай дзялянку —
Верасы, i багун, i чарот,
На мяжы растапталі
Жывую яшчэ берасцянку,
Што будзіла над полем світанні
Штогод.
Паміраюць званочкі,
Зязюлі, чабор, журавіны,
I не ў вырай, а некуды так
Адляцяць журавы.
Мы сябе абкрадаем,
А множыць здабыткі павінны
I ўзвышаць абавязкі свае
I правы.
Вынішчаем лясы,
I пачуцці, i светлыя словы,
Што, як матчына песня,
За сэрца бяруць,
Падсякаем бяздумна
Карэнні свае i асновы
I не бачым, што хутка
Лісты адамруць.
Нашы песні i мова знікаюць паціху.
Пачакайце!
Звяртаюся з просьбаю я:
Занясіце хутчэй у Чырвоную кнігу
Верасы i чабор, наша слова i наша імя.