Здрабнелі зоркі ў тую ноч,
I месяц заблудзіўся дзесьці.
Мяне вядуць у змрок, а воч
Ніяк ад дому не адвесці.
Яшчэ зірнуў апошні раз
I ад пакуты аж заенчыў,
Калі ў маім акне пагас
I без таго слабы агеньчык.
Шумела лісце, дождж імжыў,
У сцены біўся вецер з гулам.
I з гэтае хвіліны жыў
Я не ў наступным, a ў мінулым.
Паўзла дарога, як змяя,
Пранізваў холад мозг i цела,
I знічка ранняя мая
У чорным небе праляцела,
I след яе адразу знік
На заімглёным небакраі,
Не замаўкаў над намі крык
Начное крумкачынай зграі.
Вязуць. Не ведаю куды,
I так прыспешваюць таропка.
Няўжо у дваццаць тры гады
Лёс i на мне паставіў кропку?
Вязуць па вуліцах пустых,
Я не ў сваёй, a ў ix уладзе.
Мутнее зрок, тупее слых,
У думках — поўнае бязладдзе,
Не мог тады я зразумець
Той таямнічае работы,
Што будуць дваццаць год рыпець
I па душы таптацца боты.
Як толькі ўспомню чорны год
I ноччу страчаную волю,
Астудзіць спёка, быццам лёд,
Завея апячэ да болю.
Дажыў я ўсё ж да сівізны,
Як ні ламалі, ні малолі,
А вось сябры маёй вясны
Дамоў не вернуцца ніколі.
За імі спалены масты,
I сцежка даўняя глушэе,
Крышталь адвечнай мерзлаты
Аздобіў брацкую траншэю.
Яе карэнні аплялі
I дол сціскае невыносны.
Каторы год на той зямлі
Гайдаюцца над імі сосны.
А я жыву. I вось ізноў
Гляджу, як з клёна лісце льецца.
Паклічу ў госці ўсіх сяброў,
Хоць i ніхто не азавецца.
Пабачылі б яны хаця
Наш новы дзень, i свет зялёны,
I вернутыя з забыцця
Святых пакутнікаў імёны.