А мне дасюль кашмары сняцца,—
Ніяк збавення не знайду:
Не азірнуцца, не суняцца,
Ніяк не абмінуць бяду.
Яна мяне даўно цікуе:
То даганяе, то вядзе,
Няўжо ca мною i звякуе,
Няўжо сама не прападзе?
Шукаў i не знаходзіў выйсця
З палону выцвілых папер.
Былі даносчыкі калісьці,
Ёсць ананімшчыкі цяпер.
Яны адной жалобнай масці,
Яны адну нясуць бяду.
I будзе найвялікшым шчасцем,
Калі здалёк ix абыду.
Я прачынаюся на золку.
Світае. Сонца узышло,
Кароткі дождж размыў вясёлку,
У шыбы ўдарыла святло.
Куды ні гляну — ззяюць дахі
I ад дажджу, i ад святла.
Усе развеяліся страхі,
I ноч трывожная прайшла.
Сягоння будзе дзень пагодны,
Бо сонца з раніцы пячэ.
I я шчаслівы i свабодны
I прагну жыць і жыць яшчэ.