Страчаная маладосць


Я шукаю цябе, маладосць,

Я гукаю цябе, маладосць.

Дзе ты ёсць? Дзе ты ёсць?

Маладосць адказала:

«Заляцеў ты ў сіло,

I таму маладосці ў цябе не было.

Юнаком згаладалым

З палескіх дарог

Пехатою прыйшоў

I прабіцца ты змог

Да натхнёнай работы,

Да шчырых сяброў,

Аж кіпела у жылах юначая кроў,

Ды на ўзлёце цябе

Захліснула сіло.

I таму маладосці ў цябе не было.

Незваротную сцежку

Да роднае хаты

Засланілі надоўга

Іржавыя краты.

У вялікім натоўпе ты быў адзінокі...

Замаўкалі штодзённа пакутнікаў крокі.

Ты ў дарозе лічыў

За вялікае шчасце

Не прыстаць, не спыніцца,

Каб толькі не ўпасці,

Дапаўзці да парогa,

Зваліцца на нары

I яшчэ ўратавацца

Ад новае кары.

Ты пачаў забываць,

Кім ты быў, хто ты ёсць,

Як цябе абмінула твая маладосць.

Ты не бачыў радні,

Hi вясновых садоў

Дзевятнаццаць гадоў,

Дзевятнаццаць гадоў!

I таму адзінокі,

Стамлёны, нясмелы

Ты з юнацтва вярнуўся

Дамоў пасівелы.

Вочы засцілі слёзы,

Завея i дым.

Кім ты толькі ні быў?

Ды не быў маладым.

Мабыць, добра цяпер

I самому відно:

Маладыя цябе перагналі даўно.

Нават будні для ix — урачыстыя святы,

A здабыткі твае

Больш падобны на страты.

Адыходзяць усе, як часовыя госці.

Нe шукай i дарэмна пе кліч маладосці.

Паглядзі: падрастае надзейная змена.

Ты шчаслівы, што век дажываеш сумленна».

Загрузка...