Казкі жыцця


А я дагэтуль веру ў казкі,

Хоць казкі розныя былі,

То з ласкаю, а то без ласкі,

З дабром i з горам на зямлі.

Я казкам веру, як i верыў,—

Без казак холадна душы.

А часам нейкія хімеры

Мне шэпчуць: «Лепш не варушы

Сваіх балючых успамінаў,

Жыві для радасных надзей,

Што толькі суцяшаць павінны

I сэрца хваляваць радзей».

Я часам сам сабе не веру,—

Дзе ява, дзе трызня, дзе сон,

A казкі пра ліхога звера

Трывожаць i да гэтых дзён.

То ў казках ажыве яскрава

Усё, што цешыла раней,

Але бывае часам ява

За казку страшную страшней.

Жыццё спяшаецца імкліва,

Гарыць, то тлее каганцом.

Я веру ў казкі ca шчаслівым

I непрыдуманым канцом.

Загрузка...