За годам год дзесяцігоддзі
З бядой i радасцю прайшлі,
Таму ёсць прымаўка ў народзе:
«Нішто не вечна на зямлі».
Не вечны боль, кумір не вечны,
I мне не вечна гараваць,
Але за здраду небяспечней
Несправядлівасць дараваць.
Не забываў я аніколі,
Hi ясным днём, ні па начах,
Hi ў радасці, ні ў горкай долі
Нятленны вобраз Ільіча.
Ён мне свяціў у долі горкай,
I сёння ў радасным жыцці
Ён свеціць пуцяводнай зоркай,
Каб да канца за ёй ісці.
Перагартаўшы памяць зноўку,
Для шчасця ўнукаў i сыноў
Не змоўк раней я i не змоўкну,
Каб час той не вярнуўся зноў,
Каб праўды, розуму i згоды
Агонь у сэрцах не ачах
I каб сумленныя заўсёды
Спакойна спалі па начах.
Каб не палохаў гул машыны
Апоўначы, i стук, i звон,
Каб нават i на паўхвіліны
Кашмарны не вярнуўся сон.
Іду да фінішу паволі
I ўсё выпростваю душу,
I шчаслівейшы, што ніколі
Я не схлусіў i не схлушу.
1980—1987