За сорак год там вырас лес,
Дзе я штодня са скуры лез:
Дзень пілаваў, пасля грузіў,
А мне начальнічак гразіў
I за віну, i без віны
Загнаць да скону на штрафны,
У БУР [2] з парашаю, за краты,
Бо я занадта языкаты,
Бо я абразы не цярплю,
Бо я спагады не малю,
Бо не згадзіўся на даносы,
Таму загнуся голы, босы
На трохсот грамах i вадзе,
I след бясследна прападзе.
Я выжыў, хоць усё прайшоў,
I месца пэўнае знайшоў,
Загаварыў, бо не маўчальнік.
А дзе ж вы, «гражданін начальнік»?