Уцякач


Я быў i дужы, i здаровы,

Худы, галодны, малады.

I да знямогі рэзаў дровы

У незабыўныя гады.

Калі лучковаю пілою

Крамсаў бярозы дзень у дзень,

Ад пайкі поснай i малое

Рабіўся доўгі, нібы цень.

A пілаваў. Хоць без надзеі

Свой цяжкі крыж цярпліва нёс,

Каб толькі у штрафным кандзеі [1]

Не завяршыўся горкі лёс.

Я ж не паспеў ні стаць на ногі,

Hi завяршыць кірунак свой,

Калі казённыя дарогі

Таптаць пагнаў мяне канвой.

Тады пайшла на «пільнасць» мода,

I ўсё вышуквалі часцей

Уяўных ворагаў народа,

Ix матак, жонак i дзяцей.

На ўсіх адразу не хапала

Аховы, камер i замкоў,

Hi перасылак, ні каналаў,

Hi лагераў, ні руднікоў.

Тут «вынаходцы» ў захапленні

Падалі смела галасы,

Што трэба ўзяць у ачапленне

Заводы, шахты i лясы.

Ix зверху блаславілі «шышкі».

I разгарнуліся ж яны:

Цягнулі дрот, стаўлялі вышкі

I... палучалі ардэны.

Вось у такое ачапленне,

Не знаю, па чыёй віне,

Валіць бярэзнік, драць карэнне

Зімой прыгналі i мяне.

Вядуць. Пілуй з апошняй сілы,

Пот залівае, як рапа,

За пайку, лапці, i бахілы,

I целагрэйку да пупа.

I я хадзіў вось так прыбраны,

На шэрых шчоках мох парос,

Гнаіліся на целе раны,

Ад сцюжы аблузаўся нос.

Ёсць i ў бядзе свае няшчасці:

З'ясі паёк, то — без пайка,

Бо можна з голаду прапасці,

Калі не маеш кацялка.

Хоць бы які: бляшанка з дужкай,

Глячок, з якога пi i eш,

Калі здабудзеш лыжку з кружкай.

Дык да вясны i дажывеш.

А што вясной? Вясна-красуня

Падсцеле цёплае травы,

Падкіне шчаўя, грыб падсуне,

З'ясі, глядзіш,— яшчэ жывы.

A ўзімку строчыць зноў заявы

I скардзіцца тутэйшы люд,

Што ix судзіць не мелі права

Hi тройка, ні закрыты суд.

Але ж з «яжовых рукавіцаў»

Не вылузацца, хоць памры...

Заявы ж нашыя ў сталіцу

Ідуць да гэтае пары.

А каб дайшлі, дык хто б заўважыў,

Сумленна хто б разгледзеў ix?

Адзін найбольш на свеце важыў

I вырашаў усё за ўсіх.

A ў нас надзеі не згасалі,

Бо верылі яму усе,

Ды аптымістаў тых спісалі

За вахту з біркай на назе.

I я пісаў сабе i людзям,

Бо ўсе надзеямі жылі,

Што некалі нарэшце будзе

Закон i праўда на зямлі.

A найвялікшы між вялікіх

Усіх народаў i вякоў

Гартаў дакладныя падлікі

Яму адданых мердвякоў

I толькі не звяртаў увагі,

Што там пісаў жывы шкілет,

I пакідалі дахадзягі

З надзеяю агорклы свет.

Калі ж вайна бядой крывавай

Ішла па нашай старане,

Я кожны дзень пісаў заявы,

Каб узялі на фронт мяне.

Прасіўся я ў штрафную роту

I марыў днём i уначы

Пра тую страшную работу,

Дзе гінуць, каб перамагчы,

Каб у крутой віхуры бою

Усім паклёпнікам назло

Мне змыць уласнаю крывёю

Віну, якое не было.

Але аслеплі i аглухлі

Даўно за сценамі муроў.

Надзеі светлыя патухлі

Ў мяне i у маіх сяброў.

Ніхто ні разу не паверыў

I не зрабіў насустрач крок.

Наадварот,— на нашы дзверы

Другі павесілі замок.

А мы усе для Перамогі

Сіл не шкадуючы жылі,

Пракладвалі ў тайзе дарогі,

Калолі тоўстыя камлі

На шпальнік i на ружбалванку,

Забыўшы ўласную бяду,

Грузілі з вечара да ранку

I засыналі на хаду.

Спытаеце: «Ці не кляпаеш?

Навошта тая даўніна?»

Не, калі крыўду не зламаеш,

Цябе зламае зноў яна.

Былі ў нас вера i цярпенне,

Але мне сняцца i цяпер

Развод, канвой i ачапленне,

Аўчарка дзікая, як звер.

Пілую,— чуркі, чуркі, чуркі,

Кладу паленіцаў рады,

З дзесятнікам гуляю ў жмуркі

За міску поснай баланды:

Саскроб адмеціны з паленняў,

Душу запляміўшы сваю,

Часова страціўшы сумленне,

Што здаў учора, зноў здаю.

I ўсё ж не раз бяда страчала:

Сачыў дзесятнік з-за куста,

Тады кандзей, ды выручала

Часамі i мяне туфта.

Туфта — для кожнага удача:

У зводках множацца нулі.

Вось за такія справаздачы

Начальству прэміі былі.

Без круглых лічбаў не пахваляць,

Без гучных рапартаў — скандал,

Дзялянку без туфты не зваляць,

Не пракладуць нідзе канал.

Туфта усім была патрэбна:

Начальства прэміі грабе

I, быццам дыфірамб хвалебны,

Загад чакае на сябе.

Так кар'ерысты i дзялягі

Займалі важныя пасты,

Ад лесасекі да ГУЛАГа

Былі ўсе творцамі туфты.

Туфта туфтой, а ты ў брыгадзе

Для ўсіх папіхач i халуй:

Знясілены пад штабель сядзеш,

A ўжо крычаць: «Фіціль, пілуй!»

Відаць, i праўда,— дагараю,

Нібы фіціль; увесь апух,

Як ачмурэлы, пазіраю,

Пакуль зусім не выйшаў дух.

У рэйку б'юць: «Канчай работу.

Выходзь на вахту, як адзін!»

Мы ж завіхаліся да поту

Амаль што тузіну гадзін.

Гараць кастры у ачапленні,

То датляваюць, то гудуць,

У мітульзе жывыя цені

На вахту з ліпамі брыдуць.

Палічаць там усе галовы,

Скамандуюць: «Шарэнгі здвой!»

Калі ўсё сыдзецца, гатовы

Начальнік паздымаць канвой.

Але марудна нешта лічаць

Па тры разы ад краю ў край,

Сабачніка чамусьці клічуць...

Выходзіць, хлопцы, загарай

На лютым ветры i марозе,

Снег i душу, i твар сячэ,

I з лесу па такой нягодзе

Ніхто нікуды не ўцячэ.

I ўсё ж кагосьці не xaпae.

Трывогу б'юць: «Уцёк! Уцёк!»

Аўчарка рвецца, снег капае,

Трашчыць сырычны павадок.

Галёкаюць, крычаць, страляюць,

Бягуць лавіць уцекача,

А хлопцы ціха разважаюць:

«Калі няшчаснага спаймаюць,

Улепяць «вышку» згарача».

Кастры у змроку дагарэлі,

А ты на ветры скавычы.

Відаць, з адчаю ачмурэлі

Ці звар'яцелі ўцекачы.

A колькі ix? Што за прапажа?

I хто падаўся ў белы свет?

Пра гэта нам ніхто не скажа,

Бо гэта тайна i сакрэт.

Але куды ўцячэш у лютым?

Відаць, здурэў, калі пабег,

Галодны i амаль разуты,

Калі вышэй папружкі снег.

Мы ўсе заходзімся да ночы

I лапцямі чачотку б'ём...

Аўчарка рвецца i якоча,

Папружку цягне ў буралом.

Няўжо знайшлі? Ці не зашыўся,

Каб ноччу ўрэзаць лататы,

Але дзівак, відаць, забыўся,—

Куды ні сунешся,— пасты.

Яны i ў лесе, i на полі,

На вышцы i каля кастра...

Як нас ахоўваюць, ніколі

Так не ахоўвалі цара.

Тваё засведчана аблічча

На картцы ў профіль i анфас,

Цябе, нібы каштоўнасць, лічаць

На дзень, бывае, дзесяць раз.

Калі храпуць на голых нарах

На ўсе лады i галасы,

Ізноў падлічваюць па парах

Галовы, пяты i насы...

Да нар прыпнутага папружкай

Дні па чатыры мерцвяка

Хавалі часам пад дзяружкай

Сабе для лішняга пайка.

«Сюды!» На кліч сабакавода,

Грузаючы, па хмызняках

Ужо спяшаецца падвода

З лекпомам у старых пімах.

Гадаюць хлопцы: «Зацкавалі.

Знявечылі, а можа, горш.

Вось так не аднаго спісалі

Hi за панюшку, ні за грош».

Рассунуў конь дугою вецце,

Атросшы іней з галавы,

«Калі прыбыў памочнік смерці,

Дык, значыць, уцякач жывы.

Хоць бы хутчэй яго прывезлі»,

I хлопцы лаюцца усмак,

Бо кішкі да кішок прымерзлі

I заігралі кракавяк.

Вязуць! Няма, выходзіць, страты.

Ён без наколак i прыкмет,

Сягоння спісаны з брыгады

У лепшы бесканвойны свет.

Ён паўтары адолеў нормы.

Hi ў чым яго не дакарай,

I ўсё ж, нібыта збіты штормам,

Падаўся ў пекла або ў рай.

Ну, вось i ўсё. Адбой канвою,

Настылі пілы на плячах,

I конь з панылай галавою

Павёз у зону «ўцекача».

...Ну, i трывушчы ж мы народ!

За што? За нечыю памылку

Адбухалі па дзесяць год

I трапілі «навечна» ў ссылку.

Загрузка...