Ляціць, як i ў дзяцінстве, снег,
Але не растае на скронях,
Чуваць у змроку санак бег,
Курыцца белы пыл на конях.
Такая ціхая зіма!
Такое белае улонне!
Сцюдзёна, але ты сама
Пад снег падставіла далоні.
Ссівелі хвоі. Я i ты
Ідзём да незнаёмай вёскі,
Рыпяць у замеці платы,
Як даўняй песні адгалоскі.
Я галаву ніжэй хілю,
Каб разглядзець вачэй прадонні,
Сняжынкі вуснамі лаўлю
З тваёй ружовае далоні.