Звалілася бяда, нібыта камень:
Мяне мой друг пакінуў без сяброў,
I мне здалося,— белымі вянкамі
Укрылася спакойнае Дняпро.
Нa Беларусі — яблыневы снежань,
I салавей спакою не дае,
Дзяўчаты на пясчаных узбярэжжах
Спяваюць песні першыя твае.
На Беларусі — месячный ночы
Засыплюць срэбрам цёмныя сады,
A маці i варожыць, i прарочыць,
Што сын з выгнання прыйдзе малады.
Ёй кожнай ноччу мроіцца i сніцца,
Што праз завеі i здзічэлы лес
Праб'ецца i паціху ў аканіцу
Пастукаецца сын яе Алесь.
Каторы год не спіць, i мроіць маці,
I чуе крокі сына ля акна,
Каторы год у апусцелай хаце
I днём i ноччу журыцца яна.
Але ніхто не скажа ёй ніколі,
Што ў тую ноч, калі прысніўся сын,
Калі душа заходзілася болем,
Яго хавалі каля трох асін.
У гушчары тайгі без дамавіны,
Засыпаны зямлёю назаўжды,
I толькі з адзінокае рабіны
Сцякалі кроплі дажджавой вады.
Шуміць тайга над братняю магілай,
I слёз няма, i не хапае сіл
Злічыць усё, што Беларусь згубіла,
Стаптаных лёсаў i зламаных крыл.
I я, магчыма, следам за сябрамі
Пакіну свой барак без забарон,
I нехта пажартуе каля брамы:
— На «волю» едзе з біркаю i ён.
Дзяўчаты заспяваюць на купалле,
Русалка карагоды павядзе,
I там, дзе слёзы матчыны упалі,
Патухнуць нашы свечкі на вадзе.
19.IX.1942