Чаго ж ён спалохаўся, колішні следчы,
I той, што ахвотна няпраўду засведчыў,
Што мог i сяброў, i сябровак, i брата
Загнаць без вагання за ржавыя краты?
А там распіналі няшчасных начамі
I прагна глядзелі на ўсіх крумкачамі,
Знаходзілі ў кожным сумленным ахвяру
I ў змрок сутарэння цягнулі на кару:
Здзіралі пазногці, ламалі суставы,
Пасля ў тупіках заганялі ў саставы
Галодных, знявечаных, невінаватых
З тугою ў вачах маладыя салдаты.
Адзін аднаму мы шапталі: «Трымайся».
А варта гарланіла: «Не вяртухайся!»
Затворамі ляскала, вылі аўчаркі,
Начальнік сіпеў пасля добрае чаркі:
«Хто ступіць направа ці ўлева на крок,
Пабачыць, што б'е без асечкі курок».
Сягоння былыя начальнік i следчы
Адзін аднаму прызначаюць сустрэчы.
Няма ў ix чыноў, ні чубоў, ні зубоў,
На плошчы зганяюць яны галубоў
Адтуль, дзе стаяў i рассыпаўся помнік.
З ix кожны прыходзіць сюды, як паломнік,
Даўнейшае ўспомніць, палаяцца злосна,
Што знаюць пра ўсё i гавораць галосна,
Бо ix не цікавіла, праў ці не праў ты,
Таму i становіцца страшна ад праўды.
Каб толькі вярнуць ім былыя часы,
Яны надавілі б на ўсе тармазы,
Пасаду адразу б i ўладу займелі,
Паставілі б помнік, каб зноў анямелі.
Дарэмна! Не будзе ранейшых пасад,
I помніка болей не вернуць назад.