Адгула навальніца,
A кроплі звіняць,
I коціцца водгулле грому.
Віруе рака,
I ніяк не суняць
Сарванага бурай парому.
Скруціўся іржою пасечаны трос,
Раве i бушуе паводка,
I мой нешчаслівы гайдаецца лёс,
Нібыта дзіравая лодка.
Прыстану на бераг
Ці знікну ў віры
Адзін у такую нягоду.
Забудзе радня
I былыя сябры,
Не будзе ні племя,
Hi роду.
Усімі забыты,
У змроку лячу
На хісткім сарваным пароме.
Hi знічкі,
Ні гуку.
Туман уваччу,
Пагібель чакае на строме.
Знікаюць у памяці.
Сцежкі мае,
Сівеюць зялёныя травы.
Душа ледзянее,
I сэрца здае,
I ўжо не відно пераправы.
У прорву імчыцца сарваны паром,
Усё засланіла трывога,
Ды бліснула раптам
Далёкім святлом:
«Трымайся!
Ідзе дапамога!»