Дзверы маюць дзве веры і вядуць у два бакі — у прыход і адыход, у прыйсце і выйсце. Яны робяцца з жывой матэрыі — з дрэва, здзерава, і адгукаюцца таму, хто стукаецца, ягоным жа стукам: асцярожным — на асцярожны, бадзёрым — на бадзёры, і разумеюць таго, хто ў іх стукаецца, па тым, як ён стукаецца, альбо, і гэта здараецца, шкрабецца.
Прапанова, але пераборлівая, забарона, але дзіравая, дзверы аддзяляюць унутраную пра-стору ад знадворнай, і той, хто ўваходзіць у дзверы, уваходзіць у новы стан і ў новае стано-вішча: з «нідзе» ў «дзе», з дня — у «добры дзень», з двара — у «дзяржаву».
Дзверы трымаюцца раўнавагі і сцвярджаюцца правілам: яны мусяць адчыняцца на адзін раз больш, чым зачыняюцца, і калі гэтае правіла парушаецца, то і раўнавага вярэдзіцца.
Падмазаныя — дзверы маўчаць, непадмазаныя — верашчаць, цвярозыя — разважаюць, нецвя-розыя — вярзуць лухту, разнасцежаныя — выс-цюжваюць хату, зачыненыя — берагуць яе дух, яе мары, яе вярозы.
Каля дзвярэй зераюць лапці-кавярзні ды аці-раецца дзяркач.
Да дзвярэй нахіляецца калодзежны журавель — асвер, а вёдры напамяць ведаюць да іх дарогу. У дзверы дзярэцца сівер. I звер недаверліва спыняецца перад дзвярамі, вынюхваючы ў іхнім двувер'і ерась.