КАЛОДА


Калода няўклюдная, але гэтая няўклюднасць укладваецца ў яе, нібы яе код, і калі склюд, долата і сякера, намерваючыся надаць калодзе людскі выгляд, бяруцца згладжваць і злагодж-ваць яе няўклюднасць, калода «раскалоджваец-ца», пераўладкоўваецца ў нешта адрознае ад ся-бе — у кадаўб, а то і ў лодку.

Калода не памятае, адкуль яна і куды: яна ляжыць, уладзіўшыся ў калдобіне, якую сама сабе выбіла ў доле паводле сваёй вагі і свайго аб'ёму, і слухае, як яе бэсціць і лае кудлаты бадзяга-вецер: калода — лайдак, што адно толькі вылежвае бакі, калода — кладка, па якой ніколі ніхто не ходзіць, калода — клад, з якога няма чаго ўзяць,- і, быццам калоідам, поўніцца горкаю думкаю аб сабе.

Аднак над ёю кружацца пчолы, упрошваючы, каб яна згадзілася стаць для іх котлішчам, аднак да яе падступаецца глыбіня, даводзячы, што без калоды не можа быць і калодзежа, аднак яе абсядаюць кодлам, нібы яны калядуюць, грыбы-апенькі, і залацістагаловы певень у апошнія вокамгненні свайго жыцця, як да самай роднай істоты, прытуляецца да калоды.


Загрузка...