КАСА


Каса — косая, аднак там, дзе яна праходзіць, застаюцца чыстыя, без касмыкоў, касынкі лугоў і роўныя каснікі пакосаў.

Каса не спакушаецца славай і не выстаўляецца напаказ: яна толькі першаю, у расу, каштуе тыя «смакосы», якія пасля будуць каштаваць каровы і козы.

Каса касуе ўсё, што ўзводзілі вясна і лета: яе кранае не краса званцоў, касачоў ці каласоў-нікаў, а косінусы і катангенсы стасункаў з імі.

Пасада ў касы каставая — ад Касандры: яна прадказвае ўсім аднолькавы лёс і сама ж вершыць яго.

На касу, як на смерць, касавурацца гусакі, на касу сыкае асака, яе кусаюць камяні, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вітаючыся з ёю, касу ксціць касец Ясь і — развітваючыся з ёю — касінер Кастусь.


Загрузка...