ГУТАРКА


Гутарка — гаспадарка, якая збірае ўсё тое, што зацікаўлена адно ў адным, адгукаецца адно аднаму і, паўтараючыся адно адным, выяўляе свой твар.

Яна грунтоўная, нетаропкая, гнуткая, але не хуткая, і доўжыцца звычайна не хвіліну і не гадзіну, а як нейкі торг, як рада — да заўтра, да аўторка, бы таркай, пераціраючы ўсе меркаванні, здагадкі, здарэнні, чуткі, а дзе і распілоўваючы іх, як тартак, каб уратаваць тое слушнае, што ў іх маецца.

Лепш за ўсё гутарка пачуваецца не ў горадзе і не ў мястэчку, дзе чалавека не здзівіш ні абаранкам, ні пернікам, а на хутары, дзе чалавек — падарунак чалавеку, дзе раскатурхваюцца нават самыя старыя ўспаміны і адхукваюцца нават самыя даўнія, залеглыя ў сутарэннях, справункі.

У гутаркі свой лад, свой парадак, і акурат таму яна не тарабарыць, як тара, не пляткарыць і не бярэцца абы з кім загрудкі, а, уводзячы мудрасць у тутака і ў цяперака, сааўтарнічае, узаемнічае, сакратнічае, ды яшчэ частуецца мяккім гумарам і моцнай махоркаю.

Загрузка...