ПЛОТ


Плот мае клопат: пільнаваць забароненыя плады — каб іх не ўгледзелі не тыя вочы і не аблатошылі не тыя рукі.

Плот дзеліць пляц, плато ці плантацыю на часткі: знадворную і ўнутраную, на сваю і чужую,— і з'яўляецца плоццю падзелу. Калі плот цэлы — ён аплот, калі ён дзіравіцца, яго латаюць, як палатно.

Плот складаецца з клічнікаў, але на плоце вісяць заўсёдныя «пытальнікі» — гаршкі, гладышы, глякі, латушкі, а то і патэльні.

На плот, каб праспяваць сваё «кукарэку», лапочучы крыллем, узлётвае певень.

Пад плотам буяюць лопух, палын і трыпутнік.

Да плота прытульваецца лапата.

Ля плота блукаюць усялякія чуткі, у плот ублытваюцца ўсялякія плёткі накшталт гэтай, ште Лот вунь уцёк, а Лотава жонка вунь стала слупам, нібыта плот мае нейкае дачыненне да Лотавай жонкі і да яго самога.

Плот платанічны: да ўсіх ён ставіцца роўна, да ўсіх аднолькава, але ўспрымаецца ён «палітыч-на»: аднымі — з патыліцы, другімі — з твару.

Плот тут, але і там, цяпер, але і потым, ён лётае, але не скранаецца з месца, ён уцякае — дае лататы — і даганяе сябе самога — дае пытлю, ён — натоўп, але ў гэтым натоўпе няма больш нікога, апроч яго аднаго.


Загрузка...