Кнот укручваецца ў лямпу, у свечку, у каганец, становячыся іхняю сарцавінаю, іхняю асновай, іхнім канонам. Ён тонкі, нібы сцябліна, і, нібы па сцябліне вясновы сок, па ім цячэ ток воску, алею, газы ці туку, вянчаючы кнот кветкай агеньчыку, якой асвятляецца ўсё наўкола.
Кнот самааддана выконвае свой абавязак і, нібы канат, перацягвае прыцемнае ў празрыс-тае, нерухомае ў дзейснае, тлустае ў цнатлівае.
Кнот атуляюць гукі кантаў.
На кнот, перад тым як заснуць, зіркае вачасты кот.
З кнотам знаходзіць кантакт кантычка, і ікона звернута да яго. Да кнота датыкаецца, спасцігаючы таямніцу рэчы ў сабе, роздум Канта, і гутараць наконт кнота ў спаконвечнай размове канатацівы скону і кагнітыў бясконцасці.