ЛІХТАР


Калі на дварэ запаноўвае цемра, у якой, як літары ў чарніле, раствараюцца рэаліі наваколля, а на небе не відаць ні зорак, ні месяца, тады аб'яўляе свой твар ліхтар — месяц, які запальваецца чалавекам і з чалавекам вандруе.

Ліхтар нанава распазнае рэчаіснасць; ён сцярожка, па-вартаўнічы, пасоўваецца наперад і, апрадмечваючы і арэчаўляючы наваколле, бесперастанку дапытваецца-высвятляе, што ёсць што, хто ёсць хто.

У пагодлівую пару ліхтар заносіцца ў хату, вешаецца ў камору і там, пагаслы, нічога не памятае з таго, што калісьці было, але ў ліхачассе, калі нешта ломіцца ў прыродзе і ў быце, калі хмарыцца воблік свету, да ліхтара звяртаюцца, як да лекара альбо ліхвяра — каб спрыяў, каб ратаваў, каб ліхое ператлумачваў на добрае.

Сярод астатніх прадметаў і рэчаў ліхтар элітарны; нібы відушчая ліра, ён натхняецца чалавекам і сам натхняе чалавека ў яго вечным пошуку самога сябе.



Загрузка...