ПТАХ


Раптоўны, нібы гром стрэлу (п-тах!), і поцемны, нібы згустак патухлага полымя, птах — выклік і нерухомай форме, і бясформнай рухомасці.

Ён прыляцеў са Старажытнага Егіпта, ад бога мастацтваў Пта — як яго пасланец, як яго патаемнае слова, як іпастась яго духу.

Птах — адмысловы хатха-ёг: яго цела паслух-мянае любому подыху натхнення, ён дасканала валодае тэхнікай левітацыі, і зямное прыцягненне толькі дапамагае яму развіць закладзеныя ў ім «птахчымасці».

Птаха хапае і на зямлю, і на неба, і хоць хата для птаха — зямля, на ёй ён спутаны, на ёй ён «пехацінец», які мусіць думаць пра тое, каб напакаваць свой «хатуль» і каб займець свой катух.

Але, выпхнуты моцай палёту ў неба, ён набывае другое — ці, можа, першае — дыханне і, вольна ад хапатлівага клопату і ад высотнай пыхі, як роўны вітаецца з маладзіком і з ветахам, і зямля — вачамі сваіх шматлікіх «хацінцаў» — бачыць у ім і плаху, узнятую высока, і высока ўзняты свой дах.


Загрузка...