Срэбра зрэбнае: яно блізкае простаму людскому жыццю, шэраму на выгляд, шурпатаму навобмацак.
Золата аздобнае: заўсёды і ўсюды яно пачувае сябе волатам, які ўсё можа і якому ўсё дазволена, і тыя прарэхі і дзіркі, што нічым ужо нельга залатаць, латва залатваюцца золатам.
Адны сцвярджаюць, што зло паходзіць ад золата, другія — што золата паходзіць ад зла, але, зрэшты, зло і золата зрошчаны такім чынам, як зрошчана ў самой сабе лотаць: калі яна зялёная — яна ў перыядзе «зла», калі яна жоўтая — яна ў перыядзе «золата».
Срэбра — месяц, золата — сонца, срэбра — попел, золата — жар, срэбра — вада, золата — агонь, золата — ад розуму, срэбра ад сэрца, срэбра — сябар, золата — уладар, срэбра бярэцца, золата хаваецца, срэбру радуюцца, золату зайздросцяць, срэбра цешыць, золата лашчыць.
Канчаецца ноч, і золак спяшаецца ўзяць сабе ў хросныя золата, а світанак — срэбра.