СВЕЧКА


Свечка асвятляе чалавечы твар і сведчыць пра чалавека; гледзячы на яе, чалавек пазнае ў ёй сябе: ён таксама, як і яна, запалены, ён таксама, як і яна, нявечны, ён таксама, як і яна, аднойчы згарыць альбо знячэўку пагасне,— і няма ў яго іншага выйсця, апроч таго выйсця, якое наказвае свечка: ператвараць воск плоці ў агонь духу.

Адна свечка — адзін чалавек, шмат свечак — веча, і ўсе тыя людзі, якіх засланіла ад свету века труны, уцелясняюцца ў свечках, запаленых у імя іхняй памяці, і нанава пражываюць скарочаны курс жыцця.

Свечка лепіцца з «часу» — з пчалінага воску ці авечага лою, але асвячаецца вечнасцю.

Натура свечкі — самаахвярнасць: яна «ня-вечыцца» дзеля бліжніх, нічога не пакідаючы сабе, і таму ёй, як чароўнаю кветкай, вянчаецца рэчаіснасць, і таму на вячэры, якую наймяноўваюць тайнай вячэрай, між іншых апосталаў прысутнічала і яна — нераспазнаны, тайны апостал, прысвечаны ў таямніцу святла.



Загрузка...