АКНО


Вока хаты, акно спакон веку ўзіраецца ў свет, і свет спакон веку ўзіраецца ў акно. I таму яно заўсёды старое, як сама хата, і новае, як сам свет.

Акно выводзіць хату ў кантэкст наваколля, пераконваючы яе, што тое «кіно», якое яно ёй паказвае, мае да яе нейкае — і мо не малое — дачыненне.

Акно акантавана каробкаю, перахрышчана рамаю, аздоблена ліштвою, абгрунтавана падаконнікам і ўзаконена аканіцай.

За акном, па двары, ходзіць конь.

На акне стаіць вазон з кветкамі.

Над акном, у куце-покуці, узвышаецца ікона.



Загрузка...