Трохі белае, трохі блакітнае, трохі бухматае, трохі воблае, бы хто яго цягне волакам, воблака блукае між небам і зямлёю, і таму, што яны ў ім ёсць абое, яно здольнае набываць змест, які яны паасобку не маюць, і ўвасабляцца ў велічыню, самадастатковую настолькі, што для неба яно апынаецца зямлёю, а для зямлі небам, але ізноў-такі таму, што ў ім яны ёсць абое, не можа апусціцца на самую зямлю і ўзняцца ў самое неба, бо калі б змагло, зрабіла б, а калі б зрабіла — знікла б, што ўсё адно, удакладняючы правіла выключэннем, некалі адбываецца.
Клубок, у які нешта ўблыталася, калыбка, у якой нешта люляецца, воблака ніколі не ведае загадзя, у які бок яму падавацца, але няма таго наваколля, дзе б яно не пабывала, той валокі, якую б не кранулі яе «воплакі», хай іх нават увобмаль, аднак самому яму найбольш падабаецца падавацца да рэк, да азёр, да балацін — да Балдука, да Балойсы, да Обалі, да Балачанкі,— яны яму блізкія, а з ім глыбокія.
Воблака не мае аднаго, «пашпартнага», кшталту і, быццам бавіцца ў вакабулы, «аблакаецца» то ў тыя, то ў гэтыя воблікі, і бакалаўр, і магістр, углядаючыся ў яго вачамі-бакуламі, вабяцца да яго душою, бо зрэшты і сама душа — воблака.