АСКЕПАК


Калі здараецца кепскае — б'ецца люстэрка ці гляк, тады ўзнікаюць аскепкі — аспекты пытання, якія забылі само пытанне, складнікі спектру, якія згубілі сам спектр.

І як бы пасля іх ні склейвалі і ні склепвалі, яны ўжо не змогуць вярнуцца ў колішнюю самаадсутнасць, яны ўжо не змогуць прыняцца ў ранейшую цэласнасць.

На аскепак, нібы на блазна-кепа, валяцца кіпы кепікаў, яго папікаюць, яго папіхаюць, пакуль наогул не выпхнуць на сметнік, і калі шкліну ці гляк шкадуюць, то нікому ніколі не прыйдзе на думку пашкадаваць аскепак, сказаць, што ён кемлівы, што ён пекны.

Аскепак — скептык: ён ведае, што ў аснове ўсіх непарушных саюзаў, усіх маналітных сплаваў прысутнічае непрыкметнае, але шматстайнае «аз», і гэтае «аз» аднойчы захоча акрэсліцца, захоча стаць к і м с ь ц і.



Загрузка...