Вада ўтрымлівае ў сабе лёд як сваю іпастась, як сваю патаемную патэнцыю, як свой летаргічны сон і ўсялякі раз, калі «прыціскаюць» абставіны, пералітоўваецца ў яго.
Лёд літы, чысты, празрысты: дол, пад якім зімуе казка, літаграфія, якая памятае лета.
У лёд умарожваюцца човен і лодка, але сам лёд — замкнёны палёт па гарызанталі, лодка, якая злучае ўсе берагі і ў адну і тую ж хвіліну знаходзіцца ў любым пункце палетка возера ці ракі.
Лёд апякае, як ёд, але ў ім — мёд літасці, якою ахоўваецца ўсё жывое ад лёзаў марозу і лютасці холаду.