ПАВУЦІНА


Павуціна як ціна: хто ў яе трапіць, таго яна аблытвае і палоніць.

Нібы кароль у сваёй дзяржаве, у павуціне пануе павук: ён пляце павуціну, выцягваючы яе з самога сябе, і развешвае ўсюды, куды не сягае рух, дзе зацішна — ці ў клеці, ці пад павеццю, ці ў куце хаціны.

Колькі б разоў ні рвалася павуціна, столькі разоў павук яе аднаўляе, даючы прыклад і павучанне ўсім ваярам, усім працаўнікам.

У павуціне заканчваюцца многія пуцявіны, яна для іх вусце, а мо і мора, і як бы ні прасіліся ў павуціны мухі, мошкі ці камары: «Пусці!..» — павуціна трымціць і хістаецца, але не пускае.

Павуціна падобная на ядваб, падобная на кілім, але калі ядваб і кілім маюць сваю цану, то павуціна яе не мае, яна — цень ядвабу, цень кіліму, і таму яна захоўвае ў сабе тую лёгкасць і тую бязважкасць, дзякуючы якім, калі настае бабіна лета, яна ляціць.



Загрузка...