Брук — дарожны друк, вухналі, загнаныя ў хаду дарогі, каб не расслізгваўся рух. У ім часткі намагаюцца перайсці ў адзінства, у ім хвіліны намагаюцца сабрацца ў час.
Брук выпаў з рук, выпаў пад ногі. Яго нораў і круглы, і круты: брук барухаецца з бязладдзем, але буркоча і на гладкапіс.
Па бруку грукае воз.
У возе морква, бручка і буракі.